Гродненская областная организация ОО "БРСМ"

Максім Пянькоўскі, Шчучынскi раён

Шчучынскі ракетамадэліст Максім Пянькоўскі – лаўрэат прэміі імя Аляксандра Дубко, член БРСМ Сярэдняй школы №2 г.Шчучына, таленавіты выхаванец Шчучынскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці.

У 2015 годзе Максім заняў першае месца ў этапе кубка свету FAI па ракетамадэльным спорце (які прайшоў у Гродне) і стаў пераможцай абласных спаборніцтваў па ракетамадэльным спорце ў агульным заліку.
Згодна з агульнымі вынікамі этапаў Кубка свету па ракетамадэльным спорце (а Максім прымаў удзел у двух з іх, якія праходзілі ў Гродне і ў літоўскім Марыямпале) шчучынскі ракетамадэліст займае пятае месца ў свеце сярод юніёраў і дзясятае – сярод дарослых.

 Максім займаецца ракетамадэлізмам з дзевяці год.У ракетамадэльны гурток да свайго былога настаўніка Яўгенія Чашчэвіка Максіма прывёў займацца тата, які ў свой час таксама з задавальненнем майстраваў самыя складаныя мадэлі, а цяпер ва ўсім падтрымлівае сына, ездзіць з ім на спаборніцтвы.

Спачатку юны канструктар Максім пачынаў з папяровых ракет, дэталькі да якіх вырэзваў па шаблонах, старанна і цярпліва склейваў. З кожным годам майстэрства ўдасканальвалася, і цяпер Максім з’яўляецца аўтарам унікальных мадэлей, максімальна набліжаных да сапраўдных. Адзін ракетаплан, найбольш дарагі юнаку, прымаў удзел у васьмі спаборніцтвах і ні разу не падвёў свайго канструктара.