Гродненская областная организация ОО "БРСМ"

У Ашмянскім раёне прайшоў конкурс “Уладар сяла – 2015”

Жыць на вёсцы нялёгка, таму і нядзіўна, што моладзь імкнецца у горад. Не спыняюць маладых людзей перспектывы ў выглядзе новага ўтульнага жылля ў аграгарадках, сучасных дзіцячых садкоў і школ, якім могуць пазайздросціць нават гарадскія ўстановы адукацыі, даволі развітая сістэма сацыяльных паслуг у цэнтрах сельскагаспадарчых сядзіб. Аднак дзесяць маладых сямей, што сабраліся на раённы этап рэспубліканскага праекта “Уладар сяла-2015”, сцвярджаюць адваротнае: на вёсцы жыць можна, і нават не горш, чым у горадзе: калі ты не абібок, а сапраўдны гаспадар, калі ўсёй душой любіш ціхі вясковы рай, калі твае погляды і прынцыпы цалкам раздзяляе твая палавінка, калі шчасцем свецяцца вочы дзяцей.


Конкурс “Уладар сяла”, які прайшоў пад эгідай райкама БРСМ, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, стаў сапраўдным святам калектыўнага сямейнага адпачынку. Удзел у ім прынялі сем’і Марыны і Юрыя Маслоўскіх з Гродзяў, Андрэя і Галіны Клімашэўскіх з Кальчун, Андрэя і Крысціны Пашкоўскіх з Барун, Ігара і Алесі Дранковіч (таксама Баруны), Вацлава і Алены Мікліс з Мураванай Ашмянкі, Алега і Вольгі Сінькевіч з Семярнік, Івана і Ірыны Відзевіч з Граўжышак, Валерыя і Анастасіі Віткоўскіх з Каменнага Логу, Міхаіла і Таццяны Паўлоўскіх з Навасёлак, Віталія і Наталлі Александровіч з Анжадава.

І хаця хтосьці з гасцей свята пажартаваў, што ўдзельнікам конкурснай праграмы ў Барунах трэба паставіць помнікі – за смеласць і ініцыятыву, – усе ж такі асалоду атрымалі ў гэты дзень усе: і дарослыя, і маленькія канкурсанты, а таксама мясцовыя жыхары, што завіталі сюды, каб падтрымаць аднавяскоўцаў і паслухаць добрую песню ў выкананні калектыву “Славянскія напевы” з Гальшанскага Дома культуры і кракоўскай “Жытніцы”.

Пачалася конкурсная праграма са знаёмства. Кожная каманда за пяць мінут павінна была расказаць аб сабе: у прозе, з дапамогай вершаў і песень. Розныя можна было скарыстаць формы і падыходы. Сям’я Мікліс аформіла плакат “Востраў Мікліс”, куды змясціла здымкі з сямейнага архіва, а таксама спякла святочны каравай. Кулінарнымі здольнасцямі ў выглядзе прыгожага торта здзівіла журы Марына Маслоўская.

А як спрытна сямейныя пары пілавалі і секлі дровы, а затым складвалі іх ў дрывотнік! Мужчыны так шчыравалі, што нават сякеры зляталі з тапарышча. Шмат вясёлых імгненняў выклікаў конкурс “Сіўка-бурка”. Складвалася ўражанне, што сем’і штодня запрагаюць коней, аднак на самой справе некаторыя ўдзельнікі конкурсу з гэтым заданнем сутыкнуліся ўпершыню.

У сельскагаспадарчай спартыўнай эстафеце ўдзельнічалі ўсе члены сям’і: дзеці пераносілі на хуткасць яйкі, мужчыны апраналі немаўля і насілі ў дзіцячых вядзерцах ваду, а жанчыны апраналі сваіх мужоў на прагулку. Складана было аб’ектыўна ацаніць гэты конкурс: хаця б па той прычыне, што дзеткі ў сем’ях рознага ўзросту. Найбольшае замілаванне выклікалі самыя маленькія члены сям’і Паўлоўскіх – Мацвей і Данік, якія з ўсіх сіл падтрымлівалі бацькоў і жадалі ім перамогі.

У конкурсе сямейных талентаў Андрэй і Галіна Клімашэўскія запрасілі на танец пажаданняў. Віткоўскія сыгралі сцэнку-абразок з сучаснага вясковага жыцця. Тут, безумоўна, пастаралася Анастасія – мастацкі кіраўнік Каменналогскага сельскага Дома культуры, хаця і Валерый – жывёлавод мясцовай гаспадаркі аказаўся вельмі таленавітым чалавекам. Срэбным званочкам разлілася па прыволлі песня ў выкананні Віялеты Мікліс. Дуэтам выканалі песню Алег і Вольга Сінькевіч. У поўным саставе выйшла на сцэну шматдзетная сям’я Відзевіч, у якой гадуюцца пяцёра дзяўчатак. Байкі прачыталі сем’і Паўлоўскіх, Александровіч і Маслоўскіх. Сцэнку з сямейнага жыцця разыгралі Ігар і Алеся Дранковіч. Апладысментамі віталі гледачы выступленне сям’і Пашкоўскіх, якія разам выканалі песню.

Пакуль журы пад старшынствам Раісы Турлай – старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК падводзіла вынікі, сцэнічную пляцоўку заняла “Жытніца”. І хаця канкурсанты, а разам з імі і барунцы за час правядзення конкурснай праграмы прытаміліся, усё ж не шкадавалі сваіх далоняў для артыстаў і нават кінуліся ў скокі, калі музыкі зайгралі польку-трасуху.

Падарункі для ўдзельнікаў конкурсу “Уладар сяла” падрыхтвалі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, райкам БРСМ і райкам прафсаюза работнікаў АПК.  За ўдзел ў мерапрыемстве былі ўзнагароджаны сем’і Юрыя і Марыны Маслоўскіх, Андрэя і Галіны Клімашэўскіх, Ігара і Алесі Дранковіч, Вацлава і Алены Мікліс, Міхаіла і Таццяны Паўлоўскіх, Віталія і Наталлі Александровіч. Трэцяе месца прысуджана сям’і Алега і Вольгі Сінькевіч з Семярнік. Другое месца занялі барунцы Андрэй і Крысціна Пашкоўскія. Першае месца заваявалі Валерый і Анастасія Віткоўскія з Каменнага Логу, якія будуць прадстаўляць наш раён на абласным этапе сельскагаспадарчага сямейнага праекта “Уладар сяла – 2015”. Гран-пры конкурсу адзінагалосна журы аддало шматдзетнай сям’і Івана і Ірыны Відзевіч з Граўжышак.

Віншаванні і падзяку сямейныя пары прымалі ў гэты дзень ад старшыні мясцовага сельвыканкама Андрэя Дулько і старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Раісы Турлай. Прыемна было адзначыць, што конкурс гэты быў арганізаваны пры актыўнай падтрымцы работнікаў мясцовых Дамоў культуры і старшынь сельвыканкамаў, таму і прайшоў ён на высокім узроўні і пакінуў цёплы след у душы кожнага, хто завітаў у той дзень у аграгарадок Баруны.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.