Гродненская областная организация ОО "БРСМ"

Сапраўдныя ўладары сяла паспяваюць ва ўсіх справах і носяць… жонак на руках!


Конкурс “Уладар сяла” ўжо стаў традыцыйным для Шчучыншчыны і прыйшоўся даспадобы многім яе жыхарам. У нас ёсць наглядны прыклад таго, якіх высот можна дасягнуць у гэтым прэстыжным праекце. Сям’я Скорбаў з Дэмбрава заваявала тытул “Уладар сяла” не толькі на раённым, але на абласным і рэспубліканскім этапах праекта-конкурсу ажно двойчы: у 2012-ым і ў 2014-ым гадах. 
У мінулую суботу на стадыёне Астрынскай сярэдняй школы за лідарства змагаліся 9 сямей, якія з’ехаліся з розных куточкаў Шчучыншчыны.Падтрымаць удзельнікаў завіталі ганаровыя госці – першы намеснік старшыні райвыканкама Г.Б. Хоміч, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ю.Т. Пашук, галоўны спецыяліст раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК В.Я. Серахан, першы сакратар РК БРСМ А.С. Богдзель, старшыня Астрынскага сельвыканкама Г.Ю. Бекіш і іншыя. Прыемна было бачыць сярод балельшчыкаў сям’ю Скорб з Дэмбрава.

— Радуе, што праект стаў такім папулярным сярод моладзі, — адзначылі Алена і Дзмітрый. — Перакананы, што сёлета знойдзецца дастойная сям’я, якая з гонарам прадставіць нашу Шчучыншчыну ў вобласці і ў рэспубліцы. Мы ў сваю чаргу гатовы падзяліцца сваім вопытам.

Адчувалася, што ўсе ўдзельнікі вельмі хваляваліся. Наперадзе іх чакалі сапраўдныя выпрабаванні. Ужо на першым конкурсе “Давайце пазнаёмімся” ўдзельнікі праявілі свае творчыя здольнасці. У вершах распавядалі пра сябе шматдзетныя сем’і Блюднік з Жалудка, Трахімчык з аграгарадка Ражанка, Жаўняровіч з аграгарадка Першамайск і Табенка з аграгарадка Вялікае Мажэйкава. 

Арцём і Ала Бодак з вёскі Залесная прызналіся, што рады працаваць у адной гаспадарцы — СВУ “Пратасаўшчына”, якая заўсёды ідзе насустрач маладым сем’ям.

Канкурсанты з Васілішак Пётр і Марыя Саковічы ўразілі сваімі шыкоўнымі беларускімі строямі і багатымі сямейнымі традыцыямі: разам з трыма дзецьмі яны ходзяць на рыбалку, гатуюць італьянскую піцу на беларускі лад і кожны год у адным і тым жа месцы любуюцца першымі пралескамі.

А вось у сям’і Блюднік з вёскі Буйвічы ў мінулую суботу было сапраўднае свята. Валерый і Любоў адзначалі 12-годдзе сумеснага жыцця! “Маладыя” прызналіся, што за трыма сваімі дзецьмі хадзілі… да бусла. 

Андрэй і Святлана Саковічы з Астрыны разам спрабавалі разгадаць, чаму ў слове сям’я схаваліся 7 “Я”. Палічылі сябе, дачушку Ксенію, любімых бабуль і дзядуль — так і атрымалася! 

Санюкевічы з вёскі Ліпічанка пераконвалі, што сям’я – гэта букет з розных кветак. Дарэчы, Дзмітрый прызнаўся, што ён – карэнны жыхар Ліпічанкі ажно да пятага калена і іх сям’я ўсёй душой любіць родныя мясціны.

Пасля знаёмства сем’і прадставілі на суд журы свае паробкі і кулінарныя шэдэўры. Захоплена расказвалі вяскоўцы пра свае гаспадаркі ў конкурсе “Лепшае сельскае падвор’е”.

Звінелі пілы падчас конкурсу “Дрывасек”. Супружнай пары неабходна было распілаваць бервяно на чатыры роўныя калодкі, раскалоць кожную з іх на роўныя часткі і акуратна скласці дровы.

Справіліся ўдзельнікі і са спартыўнай эстафетай. Давялося гаспадарам пераносіць ваду з бочкі ў бочку, а гаспадыням разам з дзецьмі бульбу ў мех збіраць. Усім даспадобы прыйшлася сельская эстафета. Жвава вязалі маладыя сем’і снапы на “Жнейнай паласе”. Майстар-клас ім дала спецыяліст раённага цэнтра рамёстваў і народнага мастацтва Г.А. Захарава. Як заўсёды відовішчным стаў конкурс “Сіўка-Бурка”, які ўсе ўжо даўно назвалі “беларускім радэа”. Запрэгчы-распрэгчы гнядога, выгрузіць прывезенае зерне гаспадары і гаспадыні змаглі без цяжкасцей. Адчувалася, што ў вясковай моладзі ўсё у руках гарыць.

Прыемна было паглядзець, як насілі мужчыны сваіх жонак на руках і скрэблі бульбу на вячэру падчас гумарыстычнай эстафеты “Сялянскія прысмакі”. Шчыра кажучы, з завязанымі вачыма ўхватам на прыпечак паставіць саганчык з бульбай не так і проста, але тут жонкі падказвалі сваім каханым, дзе ўправа ўзяцца, дзе ўлева. 

Выпрабаванні завяршыліся, і канкурсанты з хваляваннем чакалі вынікаў. Сёлета ганаровы тытул “Уладар сяла” заваявала сям’я Блюднік з вёскі Буйвічы. На другім месцы Санюкевічы з вёскі Ліпічанка. У тройку лідараў увайшла і сям’я Саковічаў з пасёлка Астрына.

Усе ўдзельнікі атрымалі памятныя падарункі ад прафсаюзных арганізацый раёна. А пераможцы атрымалі прызы ад РК ГА “БРСМ”. 

Мы пацікавіліся, у чым жа сакрэт поспеху сям’і Блюднік? Аказалася ўсё проста. Яны заўсёды нацэлены менавіта на перамогу. 

— Мы прымалі ўдзел у раённым этапе праекта-конкурсу “Уладар сяла” ў мінулым годзе, — расказваюць Блюднікі. – Аднак заваявалі толькі другое месца. Сёлета пастараліся, і як вынік – перамога! Мы вельмі любім актыўны лад жыцця і спорт, можа таму ў агульнай скарбонцы звыш 30 медалёў, якія заваявала наша сям’я падчас розных раённых і абласных конкурсаў. Наперадзе – абласны этап праекта, і мы гатовы даказаць, што на шчучынскай зямлі жывуць сапраўдныя гаспадары, працавітыя і дружныя сем’і.

Цудоўным падарункам для ўдзельнікаў конкурсу і гасцей стала выступленне самадзейных артыстаў Астрынскага гарпасялковага Дома культуры і тэатральнай творчасці і сельскага цэнтра народнай творчасці з Пагародна Воранаўскага раёна. Падчас мерапрыемства працавала аўталаўка. За здароўем удзельнікаў і гасцей свята сачылі медработнікі Астрынскай гапрасялковай бальніцы. Дзятва магла паскакаць уволю на батутах.

Адным словам “Уладар сяла” падараваў астнынчанам і гасцям сапраўднае свята, нагадаў пра сямейныя традыцыі, уславіў сельскае жыццё, нялёгкую працу вяскоўцаў і яшчэ раз даказаў, што наша моладзь умее і працаваць, і адпачываць з душой!
Ганна КАСПЕР. 
Фота аўтара.

Дарэчы
Сёлета арганізатарамі раённага этапа рэспубліканскага праекта-конкурсу “Уладар сяла” выступілі РК БРСМ, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання і раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. Падтрымку ў правядзенні мерапрыемства аказаў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама