Гродненская областная организация ОО "БРСМ"

Памочнікі міліцыі: маладзёжны атрад па ахове правапарадку

У чарговы раз заступілі на дзяжурства члены маладзёжнага атрада па ахове правапарадку Смаргонскага раёна. Рашэннем райвыканкама ён быў створаны ў 2006 годзе і закліканы сумесна з супрацоўнікамі міліцыі падтрымліваць парадак падчас культурна-масавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў горадзе. Дружыннікі таксама дзяжураць па вечарах, разам з нарадамі патрульна-паставой службы патрулююць па вызначаных маршрутах.

Дружинники_сморгонь_1.jpg

Маладзёжны атрад па ахове правапарадку Смаргонi– нешматлікі, у ім 13 дружыннікаў. Як адзначыў камандзір асобага атрада патрульна-паставой службы маёр Валерый Ярмолаў, кандыдаты ў дружыннікі павінны быць крыштальна чыстымі людзьмі. Іх правяраюць па міліцэйскіх базах, дзе захоўваюцца звесткі аб правапарушальніках. За ўчыненне дробнага хуліганства, распіццё спіртных напіткаў альбо з’яўленне ў нецвярозым выглядзе ў грамадскім месцы без задавальнення застаюцца просьбы маладых людзей, якія выказалі жаданне стаць дружыннікамі.

 

У маладзёжным атрадзе па ахове грамадскага парадку прадстаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў.

Дружыннікі прыходзяць у райаддзел міліцыі ў вызначаны час, удзельнічаюць у разводзе, стаяць у адным страі разам з супрацоўнікамі міліцыі, слухаюць інфармацыю аб аператыўнай абстаноўцы, запісваюць альбо запамінаюць арыенціроўкі на асоб, якія знаходзяцца ў вышуку альбо прапалі і не падаюць аб сабе звестак. Пасля развода дружыннікаў замацоўваюць за нарадамі патрульна-паставой службы, і яны разам накіроўваюцца патруляваць горад па строга вызначаных маршрутах.

Летась дружыннікі сумесна з нарадамі ППСМ выявілі 12 правапарушэнняў. А яшчэ добраахвотныя памочнікі міліцыі выступаюць сведкамі, калі затрыманыя пачынаюць адмаўляць сваё дачыненне да ўчынення таго ці іншага правапарушэння альбо непрыстойна сябе паводзяць пры затрыманні.

Дружинники_сморгонь_2.jpg

Юрый ЯНУШКЕВІЧ, «Светлы шлях»