Гродненская областная организация ОО "БРСМ"

II Еўрапейскім гульням 2019 прысвячаецца: на Гродзеншчыне ладзіцца абласны літаратурны конкурс

II Еўрапейскім гульням 2019 прысвячаецца: на Гродзеншчыне ладзіцца абласны літаратурны конкурсЯк літаратурная творчасць можа далучыць вас да спартыўнага жыцця краіны? Або наадварот – як спорт натхняе на стварэнне вершаў ці прозы? Ці мае літаратура дачыненне да галоўнай спартыўнай падзеі гэтага года – II Еўрапейскіх гульняў 2019? На гэтыя пытанні можна пачуць упэўненыя адказы ў Гродзенскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Аддзяленне СПБ  па ўзгадненні з Дырэкцыяй II Еўрапейскіх гульняў 2019, Нацыянальным алімпійскім камітэтам Рэспублікі Беларусь, упраўленнем спорту і турызму, галоўным упраўленнем адукацыі, галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама,  абласным камітэтам ГА «БРСМ» восенню мінулага года  абвясціла аб правядзенні абласнога літаратурнага конкурсу сярод навучэнскай моладзі «Беларусь алімпійская», прысвечанага ІІ Еўрапейскім гульням 2019 года. Сярод мэтаў і задач праекта: выяўленне і падтрымка таленавітай моладзі, якая ў сферы сваіх захапленняў сумяшчае цікавасць да спорту і літаратурнай творчасці, піша на тэмы здаровага ладу жыцця, фізічнай культуры, спорту і турызму; папулярызацыя здаровага ладу жыцця і духоўных каштоўнасцей сярод насельніцтва вобласці; выхаванне павагі і беражлівых адносін да гісторыі развіцця фізічнай культуры і спорту ў Гродзенскай вобласці.

Конкурс праводзіцца ў два этапы. Па 28 лютага праходзілі раённыя туры літаратурнага спаборніцтва сярод школ, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў вобласці. Другі этап – да  30 красавіка – гэта абласны тур. Падвядзенне вынікаў адбудзецца 15 мая. На абласны тур аддзелы адукацыі рай- і гарвыканкамаў дасылаюць па 3 лепшыя работы ў кожнай намінацыі і кожнай узроставай катэгорыі.

Конкурс праводзіцца ў двух намінацыях: паэзія і проза (эсэ), па трох узроставых катэгорыях. На выбар удзельніка конкурсу ў нарысе, аповесці, аповедзе, навэле, эсэ, вершы, одзе, паэме неабходна раскрыць тэмы пра віды спорту, уключаныя ў праграму II Еўрапейскіх гульняў, пра спартсменаў – удзельнікаў II Еўрапейскіх гульняў, у тым ліку – спартсменаў нашай вобласці,  пра гісторыю месцаў спаборніцтваў II Еўрапейскіх гульняў, гісторыю спорту на Гродзеншчыне, аб лепшых спартсменах свайго населенага пункта або раёна.

На дадзены момант атрыманы конкурсныя матэрыялы амаль з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці, а таксама з двух раёнаў горада Гродна. Твораў: вершаў, эсэ, аўтарскіх фотаздымкаў – налічваецца ўжо каля сотні. Аўтары самых таленавітых і яркіх з іх будуць узнагароджаны каштоўнымі падарункамі, а пераможцы яшчэ і квіткамі на трыбуны балельшчыкаў II Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня. Інфармацыю аб конкурсе і яго выніках можна знайсцi на афiцыйным сайце Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ www.pisateli.by.

Людміла КЕБІЧ, старшыня ГАА СПБ