Гродненская областная организация ОО "БРСМ"

Дзядуля Мароз і да бальніцы дойдзе!

Адны адзначаюць свята дома, другія – у рэстаране, трэція ў… бальніцы. Такое яно – жыццё: палоска белая, палоска шэрая. Але Дзед Мароз не праміне нікога, для ўсіх у яго казачным мяшку знойдзецца асаблівы падарунак.

Напрыклад,  маладыя матулі Алена Шалешка і Ганна Здановіч з Астрыны атрымалі пад Новы год… цудоўных дачушак! Немаўляткі яшчэ не пазнаюць у ружовашчокім барадачы добрага Дзядулю Мароза, але іх матулі радуюцца за дваіх. Яны з дзіцячай непасрэднасцю сустракалі на парозе радзільнага аддзялення Дзядулю Мароза, Снягурачку і ганаровых гасцей, сярод якіх былі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, першы сакратар РК БРСМ, намеснік галоўнага ўрача Шчучынскай ЦРБ і іншыя. Не абышлося без казачных персанажаў і вясёлага гарманіста Генадзя Панова.

— Па добрай традыцыі  штогод у межах дабрачыннай акцыi «Цуды на Каляды» мы віншуем  дзетак, якім давялося сустракаць навагодняе свята на бальнічных ложках у аддзяленнях ЦРБ, — расказвае першы сакратар РК БРСМ Алена Богдзель. – Нам дапамагаюць і работнікі ЦКіНТ. Таму пацыенты і персанал дзякуючы нашаму візіту на момант забываюць пра ўсе свае праблемы і акунунаюцца ў святочную атмасферу. Дарэчы прыйшліся і сувеніры, якія наша моладзь сабрала падчас раённай акцыі “Падарунак сябру”.

Тым часам навагодняя каманда рушыла далей. У фае дзіцячага аддзялення гасцей ужо чакалі юныя пацыенты. Ля прыгожай ялінкі сабраліся 9 рабят. Дзеці абступілі Дзядулю Мароза, правяралі яго бараду на сапраўднасць, расказвалі вершы і спявалі, вадзілі карагоды і дзяліліся сваімі патаемнымі жаданнямі. Хтосьці марыў пра ляльку, хтосьці — пра камбайн. Аднак было ў дзяцей і бацькоў адно агульнае жаданне: быць здаровымі! Даспадобы маленькім пацыентам прыйшліся салодкія падарункі і цацкі.

Напярэдадні Навагоддзя віншаванні таксама прымалі пацыенты і медперсанал дзіцячай кансультацыі, хірургічнага і інфекцыйнага аддзяленняў бальніцы.

Медыкі заўважылі, што смех, пазітыўны настрой і слодычы –  цудоўныя лекі. А калі іх да таго ж прыносіць сам Дзядуля Мароз, значыць, яны асабліва дзейсныя! Няхай так і будзе!

Ганна КАСПЕР, Дзяннiца