Гродненская областная организация ОО "БРСМ"

БРСМ і БРПА даюць старт дабрачыннай акцыі «Цуды на Каляды”

5 снежня ў Беларусі стартуе дабрачынная акцыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі «Цуды на Каляды”. Яна ўжо не першы год папаўняе скарбонку добрых спраў папулярнага ўсебеларускага праекта “Нашы дзеці” прымеркаванага да навагодніх і калядных святаў.

Сімвалам маладзёжнай акцыі “Цуды на Каляды” традыцыйна з’яўляюцца чырвоныя рукавічкі, якія адлюстроўваюць імкненне валанцёраў акружыць клопатам і ўвагай дзяцей і людзей сталага ўзросту ў гэтыя святочныя дні.

У рамках акцыі валанцёры руху БРСМ «Добрае Сэрца» і цімураўцы БРПА ва ўсіх рэгіёнах краіны арганізуюць конкурсы, святочныя праграмы, адрасныя віншаванні для выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, прыёмнікаў-размеркавальнікаў, прытулкаў для дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, дзяцей, якія знаходзяцца ў рэабілітацыйных цэнтрах, шпіталях, выхаваўчых калоніях для непаўналетніх. Таксама падчас акцыі моладзь арганізуе збор спартыўнага інвентару, канцылярскіх тавараў, прадметаў для мастацкай творчасці, настольных гульняў, цацак, кніг для наступнай перадачы ў дзіцячыя сацыяльныя ўстановы.

Візітнай карткай акцыі з’яўляецца своеасаблівая “Ёлка жаданняў», якая ўстанаўліваецца ў гандлёвых цэнтрах. На навагоднім дрэве валанцёры размяшчаюць паштоўкі з пажаданнямі дзяцей-выхаванцаў сацыяльных устаноў. Стаць добрым чараўніком і выканаць запаветную мару малых зможа любы наведвальнік гандлёвага цэнтра. Далучыцца да акцыі і стаць добрым чараўніком, каб выканаць запаветныя мары дзетак, да 8 студзеня наступнага года зможа любы ахвотны.

Першае мерапрыемства акцыі «Цуды на Каляды” адбудзецца 5 снежня ў сталічным гандлёвым цэнтры “Сталіца” і пройдзе ў рамках валанцёрскага фестывалю, прысвечанага Міжнароднаму Дню валанцёраў і падвядзенню вынікаў рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года — Добрае Сэрца”. Сабраныя тут падарункі валанцёры перададуць 26 студзеня выхаванцам падшэфнага БРСМ Івацэвіцкага дома-інтэрнату для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця.

Сяргей РАСОЛЬКА, Звязда